У Віцебску анансавалі чарговую актыўнасць, прымеркаваную да Года беларускай жанчыны. Праўда, атрымалася з яркай патрыярхальнай афарбоўкай: гаворка ідзе пра забег на абцасах. Прычым не на любых, а ад сямі сантыметраў. Ідэя паспела абурыць карыстальніц Threads. Вывучылі падрабязней анонс і рэакцыю на яго і спыталі ў лёгкаатлеткі і бягухі Крысціны Ціманоўскай, што яна думае пра такую ініцыятыву.
Што за мерапрыемства
Анонс івэнту апублікаваў на сваёй старонцы «ВКонтакте» Віцебскі раённы цэнтр культуры і творчасці. Забег адбудзецца ў рамках абласнога фестывалю вулічнага мастацтва «Волаты Прыдзвіння».
«Дарагія дамы! У Год беларускай жанчыны ўсе мерапрыемствы для вас. Запрашаем вас узяць удзел у самым спартыўным, захапляльным жаноцкім забегу на абцасах „Лэдзі Волат“!» — гаворыцца ў анонсе.
Сярод абавязковых умоваў для ўдзелу — узрост ад 18 гадоў, абцас ад сямі сантыметраў і абавязкова «абарона рук і ног» — арганізатары запэўніваюць, што яны «за бяспечнае свята». У такой экіпіроўцы трэба будзе прабегчы 100 метраў.
Усім удзельніцам абяцаюць падарункі.
«Замест грацыі — бег на паўсагнутых нагах з панікай у вачах і болем на твары»
Колькі ахвотных удзельнічаць у такой «забаве», пакуль невядома. Як мінімум актыўнасці пад допісам цэнтра культуры не ўзнікла — там усяго адзін каментар з пытаннем пра медалі.
Затое анонс актыўна абмяркоўваюць у Threads. Афішу заўважыла трэнерка з Мінска Крысціна — і абурылася.
«Арганізатары клічуць за здаровы лад жыцця, але патрабуюць шпількі ад 7 см. Гэта абсурд!» — напісала яна.
І патлумачыла, што не так з ідэяй. Па-першае, на абцасах вага ідзе на мыскі, узрастае нагрузка на паясніцу. Па-другое, падчас такога бегу ўдарная нагрузка адаб’ецца на каленях і іншых суставах. Нарэшце, ад такой актыўнасці спазмуюцца мышцы галёнкі, што ўплывае на лімфатычную і вянозную сістэмы.
«Замест грацыі — бег на паўсагнутых нагах з панікай у вачах і болем на твары. Чысты здзек з жанчын. Жаноцкасць — гэта пра лёгкасць і здароўе, а не пра выжыванне», — упэўненая Крысціна.
Яе актыўна падтрымалі каментатаркі: многія незадаволеныя ідэяй і ўпэўненыя, што гэта хутчэй насмешка з жанчын і замацаванне стэрэатыпаў.
- «Уяўляю, як падварочваецца нага, і-і-і… пералом галёнкі. Не ўяўляю, як у гэтым можна хадзіць, а ўжо бегаць наогул. Трэба было б, каб арганізатары самі надзелі такую х**ту і ў ёй прабегліся».
- «Цалкам падтрымліваю. Сама была ў шоку ад гэтай афішы. Але адразу прамільгнула думка, што знойдзецца куча ахвотных жанчын, якія зладзяць гэтае пасмешышча».
- «Гэта дакладна не прысвечана Году беларускай жанчыны. Гэта нагадвае яшчэ адзін здзек з жанчын і паказвае рамкі сэксісцкага стаўлення. Постар так і крычыць: „Жанчына абавязаная рабіць усё, нават на абцасе на 7 см, і заставацца прыгожай яна абавязаная“».
- «Нешта я гляджу, у Год беларускай жанчыны робяць усё магчымае, каб нам горш жылося, а не наадварот».
- «А потым хто лячэнне пераломаў аплачваць будзе? Таксама арганізатары? Сумняваюся. Не вядзіцеся, дзяўчаты, на гэтыя рэкламы — здароўе даражэйшае!!!»
- «А падарункі ўсім удзельніцам — мыліцы».
- «Абутак на абцасах ад 7 см!!! Ёпрст, я апошні раз на абцасах бегала за тралейбусамі, калі мне было 20».
«Лепш рабіць акцэнт на сіле, вынослівасці і магчымасцях жанчын»
Мы папрасілі пракаментаваць такі забег лёгкаатлетку і бягуху Крысціну Ціманоўскую. Спартоўка адразу падкрэсліла: з пункту гледжання спорту і здароўя бег на абцасах складана назваць бяспечнай актыўнасцю.
— Яны моцна мяняюць біямеханіку руху, павялічваюць нагрузку на ступню, калені і пазваночнік, а падчас бегу рызыка траўмаў узрастае ў разы — ад падварочвання галенастопа да больш сур’ёзных наступстваў, — тлумачыць суразмоўніца.
Ціманоўская ўпэўненая, што да спорту трэба падыходзіць свядома, а фізічная актыўнасць мае ўмацоўваць здароўе, а не несці рызыку. Усё гэта Крысціна ўлічвае і ва ўласнай школе бегу, каб дапамагаць людзям займацца правільна і без траўмаў, дадае атлетка.
— Калі казаць пра сам фармат такога забегу, то гэта хутчэй забаўляльная гісторыя, чым спорт, — каментуе яна саму ідэю мерапрыемства. — Але, на маю думку, калі мэта — сапраўды падтрымаць жанчын, то лепш рабіць акцэнт на іх сіле, вынослівасці і магчымасцях, а не на такіх спрэчных фарматах.
Што кажуць даследаванні
Наступствы бегу на высокіх абцасах вядомыя ўжо даўно. Так, каманда навукоўцаў з кітайскага універсітэта Нінбо яшчэ ў 2013 годзе апублікавала даследаванне пра тое, як уплывае бег на абцасах на здароўе жанчын.
Даследчыкі заўважылі павелічэнне амплітуды рухаў у каленным і тазасцегнавым суставах. Усё гэта, як ужо гаварылася вышэй, можа ствараць высокія нагрузкі на каленныя суставы.
Акрамя таго, яны назіралі памяншэнне рухаў у галёнкаступнёвым суставе і яго інверсію падчас бегу — гэта можа быць звязана з павышанай рызыкай расцяжэння звязак. Даследчыкі мяркуюць, што чым вышэйшы абцас, тым большая рызыка расцяжэння звязак галёнкаступнёвага сустава падчас бегу.
Яшчэ адна група навукоўцаў у 2023 годзе прааналізавала базы дадзеных з медыцынскімі навуковымі публікацыямі, каб паглядзець на тое, як абцас уплывае на хаду і цела жанчыны.
Высновы не змяніліся: праз пад’ём пяткі вага ссоўваецца ў пярэднюю частку ступні (пра што і пісала аўтарка паста ў Threads), таму ўдарная нагрузка на суставы расце, змяняецца праца галенастопа і калена.
Акрамя таго, на абцасах складаней трымаць раўнавагу як у нерухомым становішчы, так і падчас руху. Таму рызыка падвярнуць нагу, спатыкнуцца або страціць баланс узрастае.
Чытайце таксама







